МАРЫЯ Міхайлаўна МІЦКЕВІЧ — унучка не толькі славутага пісьменніка Янкі Маўра, але і Якуба Коласа! Яе маці Наталля Іванаўна — дачка Янкі Маўра, а бацька Міхась Канстанцінавіч — сын Якуба Коласа. Сустрэліся мы з ёй ва ўтульным дворыку Дзяржаўнага літаратурнага музея, які названы ў гонар стваральніка «Новай зямлі», напярэдадні святкавання 130-годдзя з дня нараджэння аднаго з яе знакамітых дзядоў — Янкі Маўра. Тут, на сядзібе Коласа, растуць і сёння дрэвы, пасаджаныя самім народным паэтам Беларусі. «У дзяцінстве я любіла залазіць на гэтыя дубы. Малая хадзіла ўся ў сіняках, бо падабалася ся- дзець на дрэвах. Зараз такая прыстойная жанчына, і не скажаш, што ў дзяцінстве сядзела на вышыні вышэй дома», — смяецца Марыя Міхайлаўна.— А на каго вы больш падобныя — на Янку Маўра ці Якуба Коласа?— Калі задаюць такое пытанне, мне падабаецца прыводзіць у адказ словы народнага мастака СССР Заіра Азгура. Калі ён са мной пазнаёміўся, сказаў: «Я ляпіў тваіх і аднаго дзеда, і другога. У цябе ўсё-такі ад Маўраўскага больш».— Марыя Міхайлаўна, вы добра памятаеце і аднаго дзеда-пісьменніка, і другога?— Якуба Коласа помню менш, бо мне споўнілася толькі пяць гадоў, калі ён адышоў. Таму аб ім засталіся толькі дзіцячыя ўспаміны. А Янку Маўра помню досыць добра. Мне было дваццаць гадоў, калі яго не стала. Таму ўспаміны аб ім больш значныя.— Вядома, што ў Коласа ў радаводзе 380 чалавек, а наколькі добра вы ведаеце радавод Маўра?— Не вельмі многа ведаю пра родных Янкі Маўра, толькі тое, што мая маці ўспамінала пра бабулю, пра дзеда.Дарэчы, прозвішча бацькі Янкі Маўра было не Фёдараў, а Ільін. Ён быў з Беларусі, але шукаў працу ў розных месцах. І вось калі яны прыехалі ў Лібаву ў Латвіі, там якраз і нарадзіўся мой дзед, будучы пісьменнік.Бацька Янкі Маўра працаваў на прадпрыемстве простым рабочым, ён вельмі рана памёр. Маці засталася з малым Янкам на руках. І вырашыла вярнуцца ў сваю родную вёску на Беларусь, якая стаяла на мяжы Літвы, Латвіі і Беларусі.Сам Маўр многа пераязджаў з месца на месца, калі працаваў настаўнікам. Быў і ў вёсцы Турэц Карэліцкага раёна, там нарадзіўся яго старэйшы сын Фёдар. А мая маці нарадзілася менавіта тут, у Мінску.— А колькі дзяцей было ў вашых бацькоў — Міхася і Наталлі?— Трое. Старэйшы — Сяргей. Потым нарадзілася я, а затым — брат Кастусь. Ён быў названы ў гонар Якуба Коласа, яго клічуць Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Поўны цёзка дзеду. А мяне назвалі ў гонар жонкі Якуба Коласа. Калі ж я чакала сваё першае дзіця, то неяк адчувала, што ў мяне народзіцца хлопчык. І адразу сказала, што свайго сына назаву Іванам — у гонар Янкі Маўра.— А ў вас колькі дзяцей?— Таксама трое. Я вельмі шчаслівая маці! Старэйшы — Іван, а потым Бог даў мне двайнятак — Васіля і Васіліну. Дарэчы, Васіліна, таксама як і я, засталася на прозвішчы Міцкевіч. А сыны ўжо на прозвішчы бацькі. У нас у сям’і такая традыцыя, што жанчыны пакідаюць прозвішча Міцкевіч.А ў майго брата Сяргея ёсць сын Яраслаў і ўнук Ян. Брат Кастусь так і не ажаніўся, у яго няма дзяцей.— А калі пазнаёміліся Янка Маўр і Якуб Колас?— У 1906 годзе, на знакамітым нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёна. Гэта таксама вельмі цікава, што праз столькі год — сорак — пасля іх першай сустрэчы пазнаёміліся іх дзеці. Прычым у Маскве, у авіяцыйным інстытуце, дзе вучыліся.— Марыя Міхайлаўна, вашы бацькі выпадкова пазнаёміліся?— Так атрымалася, што калі мая маці Наталля гасціла ў Мінску ў бацькоў, забыла сваё студэнцкае пасведчанне. Яна патэлефанавала, і Янка Маўр сказаў, што сын Якуба Коласа хутка едзе ў Маскву, і ён перадасць праз яго дакумент. Вось тады Міхась адвёз тое пасведчанне. Ён пайшоў шукаць маю маці на яе курсе: «Дзе тут Наталля Фёдарава?» — «Гэта я». — «А на пасведчанні прыгажэйшая!» (смяецца). Вось так пачалося іх знаёмства. Яны сталі сустракацца, а потым ажаніліся.Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»Фота аўтара(Працяг будзе.)
↧